Print Friendly, PDF & Email

Il provvedimento è disponibile nelle seguenti lingue:

СТАТУТ

СУПОЛЬНАСЬЦІ ПРАВАСЛАЎНЫХ СТАРА-ЦАРКОЎНЫХ ГРАМАДАЎ, ЯКІЯ Ў СВАЁЙ СУКУПНАСЬЦІ ЎТВАРАЮЦЬ БЕЛАРУСКУЮ АЎТАКЕФАЛЬКУЮ ПРАВАСЛАЎНУЮ ЦАРКВУ.

 

Мehck, 1927

Галоўлітбел № 26233.

Тыраж 500 экз.

Друкарня “Чырвоны Друкар”, Менск,

замова № 1130.

 

 

“ Статут зацьверджаецца:

 п/п Нар. Ком. Унутр.

 Спраў Б.С.С.Р. СТАШЕЎСКІ 

 27 жніўня 1927 г. № 3.

 Нач. Адм. Службы Адм. Упр.

 Н.К.В.Д. ЭЛКСНЕ ”

 

СТАТУТ

СУПОЛЬНАСЬЦІ ПРАВАСЛАЎНЫХ СТАРА-ЦАРКОЎНЫХ ГРАМАДАЎ, ЯКІЯ Ў СВАЁЙ СУКУПНАСЬЦІ ЎТВАРАЮЦЬ БЕЛАРУСКУЮ АЎТАКЕФАЛЬКУЮ ПРАВАСЛАЎНУЮ ЦАРКВУ.

 

п. 1. Мэта грамадзтва.

Беларуская Праваслаўная Царква, уяўляючы сабою арганічна-непадзельную частку Адзінае Ўсясьветнае Праваслаўнае Царквы, разам з апошняю мае адну агульную мэту, якая складаецца ў тым, каб захоўваць, падтрымоўваць, узмацоўваць у сьвядомасьці й жыцьці веруючых мас беларускага народу пачаткі сапраўдна-хрысьціянскага вучэньня. У прыватнасьці, якая называе сябе “Беларускаю Праваслаўнаю Царквою (стара-царкоўнае арыентацыі)”, яна ставіць сабе больш сьпецыяльныя мэты й задачы:

1) паколькі яна ўсьведамляе й называе сябе “Царквою Беларускаю”, яна ўкладае ў аснову свайго ўнутранага жыцьця і ўпарадкаваньня гэную ідэю царкоўнае аўтакефаліі, якая выкладзена ў дэклярацыі ад 24 чэрвеня 1927 года і належыць ёй паводле гістарычных, этнаграфічных і палітычных умоваў яе быцьця і цалкам адпавядае нормам кананічнага права;

2) як арганізацыя стара-царкоўнага тыпу, яна стаіць на варце кананічнага парадку царкоўнага жыцьця, не дапушчаючы адвольнае зьмены яго бяз ведаму й санкцыі саборнага разуму, у чым саграшылі іншыя царкоўныя групоўкі і арганізацыі (абнаўленчага накірунку):

3) як царква, г.зн. вонкавая рэлігійная супольнасьць, якая існуе на тэрыторыі Савецкае дзяржавы, яна ў сваім стаўленьні да Ўрадавае Ўлады прытрымоўваецца прынцыпу безумоўнае ляяльнасьці, сумленна выконваючы свае грамадзянскія абавязкі, рашуча асуджаючы й не дапушчаючы ў сябе ніякае контр-рэвалюцыі й шчыра вітаючы пачаткі Ўлады ў справе стварэньня новых працоўных формаў грамадзкага і эканамічнага жыцьця ў вольнай ад капіталістычных ланцугоў краіне.

 

п. 2. С к л а д.

1. У склад Беларускае Праваслаўнае Царквы ўваходзяць усе стара-царкоўныя арганізацыі, якія знаходзяцца ў межах БССР і ў царкоўна-адміністрацыйных адносінах распадзяляюцца па япархіям: Менскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай.

2. Чальцамі асобных парафіяльных арганізацыяў з’яўляюцца ўсе грамадзяне дзвох палоў праваслаўнага веравызнаньня, хрышчаныя паводле абраду Праваслаўнае Царквы і якія захоўваюць зь ёй жывую малітоўна-еўхарыстычную сувязь, пры чым, права голасу і актыўнага ўдзелу ў парафіяльных справах ім належыць, пачынаючы толькі з 18 гадоў. Залічэньне чальцоў, якія прыбываюць зь іншых мясьцінаў, адбываецца на парафіяльных сходах шляхам адкрытага галасаваньня простай большасьцю галасоў. Выключэньне зь ліку чальцоў адбываецца па рашэньню парафіяльнага сходу альбо ў выніку пераходу дадзенага чальца ў іншае веравызнаньне, альбо ў выніку ўласнае заявы чальца пра нежаданьне яго знахадзіцца ў рэлігійнай арганізацыі.

3. Паказьнікам колькасьці тое ці іншае арганізацыі з’яўляюцца рэгістрацыйныя сьпісы, якія складае Парафіяльная Рада і прадстаўляе ў Адміністратыўнае Ўпраўленьне Н.К.У.С. штогод.

 

п. 3. Дзейнасьць.

Жыцьцё й дзейнасьць стара-царкоўных грамадаў, якія ўваходзяць у склад 4-х беларускіх япархіяў, выяўляецца:

1, у арганізацыі справы царкоўнага настаўніцтва ў храме і па-за-багаслужбовых гутарках і лекцыяў па-за храмам у межах, усталяваных законамі й загадамі Дзяржаўнае ўлады.

2, у ладжаньні малітоўна-багаслужбовых сходаў у храме і крыжовых хадоў па-за храмам; на зладжаньне апошніх кожны раз запытваецца дазвол адпаведных ворганаў Савецкае Ўлады.

3, у зьдяйсьненьні прыватных трэбаў службітамі культу для асобных чальцоў грамады (хрост, шлюб, паховіны, асьвячэньне хат, палёў і г.д.).

4, у захаваньні й кіраваньні багаслужбова-храмавай маёмасьцю, атрыманае паводле дагавору ад мясцовых ворганаў Савецкае Ўлады.

5, у заключэньні пагадненьняў прыватна-прававога характару, зьвязанага з кіраваньнем культавай маёмасьцю. 

6, ува ўдзеле ў сходах і з’ездах адміністрацыйна-арнанізацыйнага характару (сходах парафіяў і дэканатаў, акружных (вікарыяльных) і япархіяльных з’ездах і памесных царкоўных саборах, якія зьбіраюцца кожны раз зь ведама й дазволу адпаведных ворганаў Савецкае Ўлады.

7, у выданьні, зь ведама й дазволу Савецкае Ўлады, друкарскіх ворганаў і кнігаў рэлігійна-маральнага характару.

 

п. 4. Упраўленьне.

1. Царкоўнае Ўпраўленьне ў БССР арганізуецца накшталт абласнога мітрапалічага ўпраўленьня са строгім датрыманьнем кананічнага прынцыпу саборнасьці па ўсім ягоным інстанцыям.

2. Ворганамі ўпраўленьня ў Беларускай Праваслаўнай Царкве з’яўляецца: у агульна-царкоўным маштабе – Абласны (Памесны) Сабор і Мітрапаліт; у япархіяльным – Япархіяльны Архіярэй, Япархіяльны Сход і Япархіяльнае Ўпраўленьне, у Акружным – Вікары і Акружное Ўпраўленьне; у дэканачым – Рада Дэканату і Дэкан; у парафіяльным – Парафіяльны Сход і Парафіяльная Рада.

3. Азначаныя вышэй установы карыстаюцца правам мець сваю пячатку і штамп.

 

А. Абласны (Памесны) Царкоўны Сабор.

1. Абласному (Памеснаму) Сабору належыць вышэйшая адміністрацыйная і кантралюючая ўлада ў Беларускай Праваслаўнай Царкве.

У прыватнасьці:

а) ён разглядае справаздачы пра стан царкоўнага жыцьця ў беларускіх япархіях;

б) выпрацоўвае меры па ўпарадкаваньні і разьвіцьцю царкоўнага жыцьця ўва ўсіх яе галінах і асабліва ў сфэры рэлігійна-прасьветніцкай (арганізацыя пастырскіх школаў і курсаў па япархіях);

в) разглядае скаргі на Япархіяльныя Ўпраўленьні ў апеляцыйным і касацыйным парадку;

г) абірае Мітрапаліта.

2. Абласны (Памесны) Царкоўны Сабор склікаецца па меры патрэбы, але ўва ўсякім выпадку ня менш 1 разу на працягу 2 гадоў.

3. У склад яго ўваходзяць прадстаўнікі ад усіх беларускіх япархіяў згодна нормаў, што вызначаюцца Перадсаборнай Камісіяй, якую засноўвае Мітрапаліт.

 

Б. Мітрапаліт.

1. Мітапаліт Вобласьці мае сваю катэдру ў галоўным адміністрацыйным цэнтры Беларусі і карыстаецца наступнымі правамі:

а) ён склікае Абласныя (Памесныя) Саборы, вызначае час і месца іх, старшыньствуе на Саборах, кіруе хадой саборных заняткаў, зачыняе іх, вядзе саборныя пастановы да выкананьня;

б) зацьверджвае абраных япархіямі япіскапаў і хіратанізуе іх;

в) прымае на папярэдні разгляд справы па скаргах на япархіяльныя ўпраўленьні;

г) мае права нагляду за япіскапамі і брацкага адведваньня іхных япархіяў;

д) клапоціцца пра выгатаўленьне Сьв. Міра і антымінсаў і забясьпечвае імі ўсю Царкоўную Вобласьць (Памесную Царкву);

е) замест сталага адміністрацыйна-дарадчага воргану пры сабе выклікае ў свой катэдральны горад прадстаўнікоў іншых япархіяў для нарады ў справах царкоўных, якія абіраюцца на Абласным (Памесным) Царкоўным Саборы.

 

В. Япархіяльны Архіярэй.

1. Паводле кананічных правілаў Япархіяльны Архіярэй з’яўляецца пераемнікам апостальскага служэньня ў япархіі, які валодае вышэйшымі правамі настаўніцтва, сьвятарадзеяньня й кіраваньня. Ён ёсьць старшынём усіх япархіяльных установаў з правам замяшчэньня сябе сьвятараслужбітамі япіскапскага альбо прасьвітарскага сану.

2. Япіскапу, кіраўнічаму япархіяй, садзейнічае ў гэтай справе Япархіяльны З’езд, Япархіяльнае Ўпраўленьне і Місіянэрская Рада.

 

Г. Япархіяльны З’езд.

1. Япархіяльны З’езд ёсьць тымчасова дзеючы, надзвычайны ворган Япархіяльнага Ўпраўленьня, які склікаецца Япархіяльнай уладаю пэрыядычна ня менш 1 разу ў год.

2. Веданьню Япархіяльнага З’езду падлягаюць усе пытаньні, датычныя веравучэньня, набажэнства, царкоўнае дысцыпліны й царкоўнае гаспадаркі япархіі.

3. У выпадку сьмерці Япархіяльнага Архіярэя, альбо вакантнасьці ягонае катэдры па іншых прычынах, Япархіяльны З’езд, з дабраславеньня Мітрапаліта вобласьці і пад старшынствам дэлегаванага апошнім япіскапа, абірае Япархіяльнага Архіярэя і прадстаўляе яго на зацьверджаньне Мітрапаліта.

4. Япархіяльны З’езд абірае чальцоў Япархіяльнага Ўпраўленьня.

5. Япархіяльны З’езд складаецца з прадстаўнікоў дэканацкіх акругаў у колькасьці ня менш 2-х чалавек ад акругі – 1 клірыка і 1 верніка (апошнія павінны быць не маладзей за 18 гадоў), зь ліку беззаганных парафіянаў, якія знаходзяцца ў малітоўна-еўхарыстычных зносінах з царквою; у склад Япархіяльнага З’езду ўваходзяць таксама вікарныя япіскапы і Япархіяльнае Ўпраўленьне ўключна. Старшынствуе на З’езьдзе Япархіяльны Архіярэй.

6. Для загадваньня місіянэрскаю справаю ў япархіі пры Япархіяльным Архіярэі зарганізоўваецца Місіянэрская Рада, абіраемая Япархіяльным З’ездам у складзе трох чальцоў на 2 гады.

 

Д. Япархіяльнае Ўпраўленьне і Місіянэрская Рада.

1. Япархіяльнаму Ўпраўленьню, на чале зь мясцовым Архіярэем, належыць права сталага адміністрацыйнага нагляду, суда і кіраваньня над усімі япархіяльнымі ўстановамі (парафіямі, дэканатамі й вікарыяцтвамі).

2. Яно ведае ўсіма рэчамі, якія тычацца прапаведваньня Слова Божага, набажэнства, пастырскае практыкі, хрысьціянскага жыцьця і гаспадарча-эканамічных пытаньняў япархіі.

3. Япархіяльнае Ўпраўленьне нясе абавязкі па скліканьню й падрыхтоўцы матэрыялаў для Япархіяльных З’ездаў і праводзіць у жыцьцё пастановы апошніх.

4. Япархіяльнае Ўпраўленьне арганізуецца ў складзе ня меней 3 - 4 чальцоў (старшыні, 2 чальцоў ад духавенства і 1 ад вернікаў) тэрмінам на два гады. Вікарныя япіскапы, якія знаходзяцца ў Япархіяльным горадзе, удзельнічаюць у паседжаньнях Япархіяльнага Ўпраўленьня паводле пасады.

 

Е. Вікары і Акружное Ўпраўленьне пры ім.

1. Адміністрацыйнае Ўпраўленьне ў акругах належыць Вікарнаму Япіскапу з Акружным Упраўленьнем, што знаходзіцца пры ім, у склад якога ўваходзяць 1 клірык і 1 вернік, абіраемыя на акружных з’ездах тэрмінам на два гады.

2. Вікарныя япіскапы знаходзяцца ў кананічнай залежнасьці ад Япархіяльнага Архіярэя, імя якога ўспамінаецца на багаслужэньні ўва ўсіх цэрквах акругі разам зь імям вікарнага япіскапа.

3. Як непасрэдны памочнік Япархіяльнага Архіярэя, Вікарны Япіскап мае большую альбо меншую сфэру кампэтэнцыі ў залежнасьці ад тое інструкцыі, якую ён атрымоўвае ад кіраўнічага Япіскапа.

4. Абраньне і хіратонія вікарнага Япіскапа належыць Япархіяльнаму Архіярэю разам зь Япархіяльным Упраўленьнем, зацьверджаньне абранага і хіратонія – Мітрапаліту вобласьці.

 

Ж. Дэкан (Дабрачынны) і Рада пры ім.

1. Кожная Япархія і Вікарыяльная Акруга падзяляюцца на Дэканаты (дабрачынныя акругі), якія абдымаюць сабою 10-15 парафіяльных цэркваў.

2. На чале іх стаяць Дэканы і Рады Дэканатаў, якія абіраюцца на сходах Дэканатаў тэрмінам на тры гады і зацьвярджаюцца Акружным альбо Япархіяльным Упраўленьнямі паводле прыналежнасьці.

3. Сходы Дэканатаў адбываюцца ня меней 1 раза на год; старшынствуе на іх мясцовы Дэкан (Дабрачынны).

4. У склад іх уваходзяць усе чальцы кліраў Дэканату і прадстаўнікі ад вернікаў у ліку, роўным ліку чальцоў кліру дадзенае царквы.

5. Дэканы і Рады пры іх прыводзяць у выкананьне распараджэньні Япархіяльнае ўлады, абмяркоўваюць пытаньні царкоўнага добраўпарадкаваньня і дысцыпліны акругі, разглядаюць непаразуменьні паміж чальцамі кліраў і парафіянамі, вырашаюць гаспадарчыя пытаньні сваіх цэркваў.

 

З. Парафіяльны Сход.

1. Задавальненьне рэлігійна-маральных патрэбаў асобнае Парафіі адносіцца да абавязку настаяльніка і кліра царквы.

2. Сумесная дзейнасьць кліру і парафіянаў у кіраваньні парафіяльнымі справамі і царкоўнай маёмасьцю ажыцьцяўляецца праз Парафіяльны Сход і Парафіяльную Раду.

3. Парафіяльны Сход бывае ня менш як 1 раз на год.

4. Прымаюць удзел у ім усе чальцы кліру і парафіяне дзвох палоў, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, знаходзяцца ў малітоўна-еўхарыстычнай еднасьці з Царквою і зарэгістраваныя ў сьпісе парафіянаў.

5. Парафіяльны Сход лічыцца сапраўдным, калі на яго з’явілася ня менш ½ парафіянаў; у шматлюдных і тэрытарыяльна вялікіх парафіях Парафіяльны Сход можа складацца з упаўнаважаных ад парафіянаў, якія абіраюцца па асобных раёнах парафіі. Для сапраўднасьці такога Схода патрабуецца наяўнасьць ня менш 2/3 упаўнаважаных.

6. Калі Сход не адбудзецца з прычыны непрыбыцьця належнае колькасьці парафіянаў альбо ўпаўнаважаных, тады ён склікаецца ў другі раз і лічыцца сапраўдным пры ўсякім ліку ўдзельнікаў.

7. Старшынствуе на сходзе Настаяльнік альбо сьвятар, які замяняе яго ў выпадку хваробы.

8. Парафіяльнаму сходу належыць абмеркаваньне і вырашэньне ўсіх парафіяльных спраў і пытаньняў, распараджэньне царкоўнымі коштамі, абраньне царкоўнага старасты і чальцоў Парафіяльнае Рады, разгляд і зацьвярджэньне гадавых справаздач Парафіяльнае Рады.

 

І. Парафіяльная Рада.

1. Для вядзеньня парафіяльных спраў і загадваньня парафіяльнай касай і маёмасьцю абіраецца ў кожнай парафіі, пад старшынствам Настаяльніка, Парафіяльная Рада, у склад якое ўваходзяць: усе чальцы кліру і вернікі дзвох палоў, абіраемыя Парафіяльным Сходам у ліку, які вызначае апошні; і ўва ўсякім разе ня меншым лікам чальцоў кліру, тэрмінам на 3 гады.

2. У парафіях, якія складаюцца з шматлікіх вёсак, кожная вёска мае свайго прадстаўніка ў Парафіяльнай Радзе.

3. У абавязкі Парафіяльнае Рады ўваходзіць:

а) скліканьне парафіяльных Сходаў, падрыхтоўка спраў да іх і выкананьне пастаноў Сходаў;

б) загадваньне маёмасьцю храма і касаю царквы;

в) збор дабраахвотных ахвяраў сярод парафіянаў на патрэбы храма і царквы;

г) штомесячнае засьведчаньне сумаў і прыходна-выдаткавых кнігаў;

д) вядзеньне сьпісаў парафіянаў для штогадовага прадстаўленьня іх у Адміністрацыйны Адзьдзел.

 

п. 5. Сродкі.

1. На ўтрыманьне Япархіяльнага Архіярэя, Вікарных япіскапаў, Япархіяльных і Акружных Рад надыходзяць дабраахвотныя адлічэньні з парафіяльных цэркваў.

2. Утрыманьне парафіяльных цэркваў і кліраў пры іх ўскладаецца на саміх парафіянаў і неабходныя для гэтага сродкі складаюцца з дабраахвотных ахвяраў, з прыбыткаў ад продажу сьвечак, са збораў на тацу.

3. Запіс грошай, што паступаюць у Япархіяльную і парафіяльную касу, вядзецца ў асаблівых прыходна-выдаткавых кнігах і ў дачыненьні да правільнасьці іх, падпарадкоўваецца вымогам, усталяваным для грамадзянскай справаздачнасьці.

 

п. 6. Рэвізыйная камісія.

1. Сумы, якія паступаюць у распараджэньне Япархіяльных Упраўленьняў, засьведчуюцца штомесячна Рэвізыйнай Камісіяй, абранай Япархіяльным З’ездам, і агульная штогадовая пераверка прыходна-выдаткавых кнігаў і справаздачаў да іх праводзіцца Япархіяльным З’ездам.

2. Сумы, якія складаюць бюджэт парафіяльных цэркваў засьведчуюцца штомесячна Рэвізійнаю Камісіяю, абранай Парафіяльным Сходам і агульная штогадовая справаздача пра іхны рух заслухоўваецца і зацьвярджаецца Парафіяльным Сходам.

 

п. 7. Парадак зацьвярджэньня Статута і яго зьмяненьня.

1. Гэты Статут супольнасьці стара-царкоўных грамадаў, якія складаюць Беларускую Аўтакефалькую Праваслаўную Царкву, можа быць зьменены ў тых ці іншых пунктах паводле пастановы абласнога (памеснага) царкоўнага сабору, зь ведама і зацьвярджэньня дзейнымі ворганамі Дзяржаўнае Ўлады, альбо паводле прапановы іх (ворганаў улады).

 

п. 8. Парадак зьліквідаваньня.

1. Асобныя стара-царкоўныя грамады, якія функцыянуюць на падставе гэтага Статута, могуць зачыняцца паводле пастановы агульнага Парафіяльнага Сходу большасьцю 2/3 галасоў па сьпісу альбо паводле пастановы адпаведных ворганаў Савецкае Ўлады.

2. У выпадку зачыненьня грамады, уся маёмасьць, якая знахадзілася ў карыстаньні яе, павяртаецца мясцовым ворганам Савецкае Ўлады паводле інвентарнага вопісу пяцёркаю і Парафіяльнаю Радаю былое грамады.

 

Старшыня Беларускага

Царкоўнага Ўпраўленьня

 

[Подпісы:] Філарэт, Япіскап Бабруйскі

Чальцы: Пратаіярэй А. Кіркевіч

Пратаіярэй А. Пігулеўскі

Псаломшчык Я. Бараноўскі